КРАМЯ́НІЦА-ДО́ЛЬНАЎСКІ ГЕО́РГІЕЎСКІ КАСЦЁЛ, Крамяніцкі Георгіеўскі касцёл,

помнік архітэктуры 17 ст. Пабудаваны ў 1617 у в. Крамяніца-Дольная (цяпер в. Крамяніца) Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. віцебскім кашталянам М.Вольскім у стылі рэнесансу. У канцы 18 ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму. Мураваны аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і алтарная апсіда з паўкруглым завяршэннем накрыты дахамі з агульным вільчыкам (першапачаткова дах над нефам быў значна вышэйшы). Сцены ўмацаваны верт. контрфорсамі і прарэзаны аконнымі праёмамі з паўцыркульнымі завяршэннямі ў глыбокіх парталах. Гал. фасад завершаны ступеньчатым франтонам, аздоблены плоскімі арачнымі нішамі і пілястрамі. У інтэр’еры скульпт. мармуровае надмагілле фундатараў касцёла ў стылі рэнесансу і разны алтар 1-й пал. 17 ст. У нішы 2 гарэльефныя фігуры Вольскіх (Мікалая ў рыцарскім адзенні, яго жонкі Барбары ў манаскім уборы) адна супраць адной на каленях у малітоўных позах. Арх. аблямоўка (калоны з простым антаблементам, валюты над бакавымі нішамі, картуш з гербамі) арганічна спалучаецца з пластычнымі матывамі і падкрэслівае строгую ўраўнаважанасць кампазіцыі. Каля касцёла званіца 2-й пал. 18 ст. з барочным дахам. Перад касцёлам стаяў мураваны корпус Крамяніцкага кляштара канонікаў латэранскіх.

А.К.Лявонава, А.А.Ярашэвіч.

Крамяніца-Дольнаўскі Георгіеўскі касцёл.
Надмагілле Вольскіх у Крамяніца-Дольнаўскім Георгіеўскім касцёле.

т. 8, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)